Беларуская Электронная Бібліятэка


ЯНКА КУПАЛА.

ПАЎСТАНЬ.

 

Паўстань з народу нашага, Прарок,
Праяваў бураломных варажбіт,
І мудрым словам скінь з народу ўрок,
Якім быў век праз ворагаў спавіт!

Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю.
Вазьмі з яе прысягу і зарок,
Што не прадасць сябе, сваю зямлю…
Зняць путы бацькаўшчыне ўстань, Прарок!

*

Паўстнь з народу нашага, Пясняр,
Былых і будучых вякоў баян,
І ў бурны кліч, як буры ўдар,
З віхрамі загудзі пад звон кайдан!

Гудзі над Беларусяй з краю ў край,
У сэрцах спячых распалі пажар,
Над курганамі перуном зайграй!
Збудзіць нябожчыкаў паўстань, Пясняр!

*

Паўстань з народу нашага, Ваяк,
І волатам на вогненным кані
Народ аграблены — бы з торб жабрак —
За бацькаўшчыну павядзі ў агні!

Дахвалы шлях айчыне пакажы,
Змяці з палёў яе чужых бадзяк,
На стражы стань гранічнае мяжы…
Свой край заваяваць паўстань, Ваяк!

*

Паўстань з народу нашага, Ўладар,
Адбудаваць свой збураны пасад,
Бо твой народ забыў, хто гаспадар
І хто яго абдзёр з каронных шат.

На Ўладара жджэ Беларусь даўно.
І жджэ цябе ўладарства Божы дар,
Вялікае, магутнае яно…
Пад беларускі сцяг прыйдзі, Ўладар!

1919

 




Друкаваная версія: Купала Я. Адвечная песня. Мінск, 2001.
Падрыхтоўка тэксту — Юры Філіпаў.