Беларуская Электронная Бібліятэка


ЯНКА КУПАЛА.

БЕЛАРУСКІЯ СЫНЫ.

 

Па беларускім бітым шляху,
Б’ючы ў кайданавы званы,
Брыдзе чужынец, а з ім побач
Хто?
— Беларускія сыны!

У беларускім вольным краі,
З ярэмнай збрыўшы старыны,
Царыць чужынец, а ў паслугах
Хто?
— Беларускія сыны!

Над беларускай беднай хатай,
Як полка вырвана з труны,
Вісіць чужы сцяг, а трымае
Хто?
— Беларускія сыны!

У Беларусі спеў чужацкі,
Як над касцямі груганы,
Крумцяць чужынцы, а іх складам
Хто?
— Беларускія сыны!

На беларускім буйным полі
З вясны да новае вясны
Растуць крыжы, а пад крыжамі
Хто?
— Беларускія сыны!

1919

 




Друкаваная версія: Купала Я. Адвечная песня. Мінск, 2001.
Падрыхтоўка тэксту — Юры Філіпаў.